РСЭГА “Жывое парнёрства” завяршае рэалізацыю праекта “Сістэма экалагічнага менеджмента ў непрамысловых арганізацыях як кампанент стратэгіі ўстойлівага развіцця рэгіёнаў, што пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС”. Праект фінансаваўся за кошт сродкаў Праграмы падтрымкі Беларусі Федэральнага ўрада Германіі.

Пра тое, як праект змяніў штодзённае жыццё навучальных устаноў ішла гаворка на канферэнцыі “Энергетычная бяспекаіўстойлівае развіццё малых гарадоў”, якая прайшла 20 красавіка ў Чавусах.
Цягам апошняга года па тры навучальныя ўстановы ў Веткаўскім і Чавусскім раёнах працавалі над сістэмай экалагічнага менеджменту. Канферэнцыя сабрала разам прадстаўнікоў мясцовых улад,настаўнікаў і выхавальнікаў, якія стараюцца змяняць стаўленне да прыродных рэсурсаў у сваіх навучэнцаў і супрацоўнікаў.
Кожная навучальная ўстанова мела свой кірнунак працы. Напрыклад, Асінаўская школа ў Чавусскім раёне ў межах праекта памяняла старыя электрычныя пліты на новыя, а таксама ўстанавіла новыя краны і сістэмы зліваў у туалетах. Як зазначыў дырэктар Дзяніс Нікіфараў, колькасць сэканомленых літраў вады ўжо перавысіла сто тысяч.
Ёсць чым ганарыцца і Веткаўскаму раёну. У мясцовай гімназіі з’явіліся датчыкі руху, якія дазваляюць не паліць упустую святло ў школьных калідорах і санвузлах. Пра гэта распавяла Наталля Суханава, намесніца дырэктара па метадычнай рабоце.
У веткаўскім дзіцячым садку №4 дзяцей з двух гадоў вучаць сэгрэгаваць смецце. А новы шклопакет на кухні і электрапліта дапамагаюць знізіць выкарыстанне прыродных рэсурсаў.
–Галоўнае, чаму вучыць праект – гэта сістэмны падыход, – кажаАлёна Пахоменка, кіраўнік інфармацыйнага цэнтра па ўстойліваму развіццю і экатурызму Чавусскага райвыканкама. – Мы не проста мяняем лямпачкі і пліты, мы вучымся лічыць выкарыстаныя рэсурсы і адказваць за іх. Цяпер мы дакладна ведаем, колькі спажываем і як і ў чым можам эканоміць.
Адзнакай таго, што ўстановы не проста займаюцца экалагічным выхаваннем, а сістэмна падыходзяць да пытанняў аховы навакольнага асяроддзя і прыкладаюць намаганні, каб паменьшыць негатыўны уплыў школы ці садка на прыроду, з’яўляецца экалагічны сертыфікат “Белы бусел”, які атрымалі СШ № 1 і СШ № 2 г.Чавусы, Асінаускі педагагічны комплекс Чавусскага раёна, а таксама гімназія і дзіцячы садок № 4 г.Веткі, Свяцілавічская школа Веткаўскага раёна. Тры названыя ўстановы Чавусскага раёна акрамя таго атрымалі нямецкі сертыфікат экалагічнай адпаведнасці “Зялёны певень”.
Адным з найважнейшых вынікаў праекта, як зазначылі ўдзельнікі, было далучэнне Веткі да Пакта мэраў. Цяпер да 2020 года горад павінен на 20% знізіць выкарыстанне прыродных рэсурсаў і колькасць адыходаў, а таксама 20% энергіі атрымліваць з аднаўляльных крыніц энергіі. Праект стаў своеасаблівым штуршком для далейшага развіцця.
Нягледзячы на тое, што праект ужо скончыўся, праца ў Ветках і Чавусах працягваецца. Гарады выходзяць на новы ўзровень і гатовыя дзяліцца сваім досведам з іншымі.